НАЦИОНАЛЬНЫЙ КООРДИНАЦИОННЫЙ ЦЕНТР ПО ВОПРОСАМ ДОСТУПА К ГЕНЕТИЧЕСКИМ РЕСУРСАМ И СОВМЕСТНОГО ИСПОЛЬЗОВАНИЯ ВЫГОД

Контрольный пункт мониторинга использования генетических ресурсов в Республике Беларусь
1 ноября 2023

Мерапрыемства аб’яднала навукоўцаў розных профіляў і прадстаўнікоў творчых прафесій, якія актыўна скарыстоўваюць традыцыйныя веды, звязаныя са светам раслін. Ва ўводным выступе арганізатар семінара загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў  Таццяна Валодзіна патлумачыла разуменне тэрміна “традыцыйныя веды”, іх ролю і функцыі ў сучасным грамадстве, а таксама звярнула ўвагу на статус асоб, якія такія веды акумулявалі.

Кіраўнік Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра па пытаннях доступу да генетычных рэсурсаў і сумеснага выкарыстання выгод Інстытута генетыкі і цыталогіі Алена Макеева ўзняла надзённыя пытанні прававога рэгулявання доступу да традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі.

Навуковы супрацоўнік аддзела нарадазнаўства Яна Шаўчэнка ў насычаным паказальнымі фактамі дакладзе “Веды пра дзікарослыя расліны ў сучасных этнакультурных працэсах Беларусі” зрабіла акцэнт на кансалідатыўную і рэпрэзентатыўную функцыі расліннага сімвала ў сучаснай Беларусі.  Сяргей Саўчук, загадчык лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча, прафесіянальна патлумачыў працэс зацвярджэння ў фармакапеі ведаў пра лекавыя расліны флоры Беларусі. Даклад выклікаў шэраг пытанняў, што яшчэ раз прадэманстравала неабходнасць сумесных праектаў гуманітарыяў і батанікаў.

Другі блок семінара быў адведзены прэзентацыям сучасных маладзёжных праектаў. Юлія Літвінава расказала пра асноўныя кірункі дзейнасці Майстэрні смаку “Зёлка-Пчолка” ў Валожынскім раёне, падзялілася спосабамі скарыстання перанятых ад старэйшага пакалення ведаў у новых, нацэленых на эстэтычнае перажыванне практыках. Як своеасаблівы від арт-тэрапіі прадставіла выраб зельна-кветкавых габеленаў Наталля Ярмалінская. Удзельнікі семінара мелі магчымасць пабачыць узор гэтага вельмі густоўнага, прыгожага габелена, пляценне якога да таго ж дапамагае разняволіцца ў псіхалагічным плане. З выступу Вольгі Трубач слухачы пазнаёміліся з гісторыяй пашырэння лаванды ў Беларусі і з асноўнымі практыкамі яе выкарыстання.

Адзін з асноўных тэзісаў семінара “Зёлкі, кветкі, свет раслін здольныя дапамагчы нават самаму патрабавальнаму сучасніку ў задавальненні розных запатрабаванняў”. Калі ж веды пра раслінны свет абапіраюцца на этнакультурны, міфалагічны складнік, іх патэнцыял значна падвышаецца. Выдатным узорам таму стала прэзентацыя праекта “Легенда пра кветкі” Юліі Шастак. Вершы Юліі і падрыхтаваны Міхасём Аракчэевым відэа-ролік, прысвечаныя фальклорнай гісторыі адной з раслін, выклікаў шчырае захапленне. І чаканне працягу.
Відавочна, за кожным з прадстаўленых праектаў – яркая таленавітая Асоба, калі паядналіся майстэрства, асабістая харызма і адданасць народнай беларускай культуры.
Семінар пачынаўся з выказвання пашаны да праўдзівых носьбітаў традыцыйных ведаў, тых бабуль, што захавалі найбагацейшую спадчыну і шчодра дзеляцца ёю з намі. І на завяршэнне мерапрыемства адбылася прэзентацыя Юрыем Внуковічам фільма “Кожная травінка – лячынка” па слядах фальклорна-этнаграфічных экспедыцый.

Адпаведны настрой у час імпрэзы стваралі спевы Юліі Літвінавай і Алеся Вячоркі. Аўтэнтычныя палескія песні ў высокамайстэрскім, пранікнёным выкананні вярталі ў мінулае, але ў такой жа ступені дарылі надзею на тое, што Традыцыя працягваецца.

Contact us